Юрый Маісевіч: Каб заваяваць медаль, прыйдзецца скокнуць вышэй за галаву

20.07.2021

Зваротны адлік да ХХХІІ Гульняў летняй Алімпіяды ў Токіа ідзе ўжо не на тыдні, а на дні. Зусім хутка галоўная спартыўныя падзея апошняй пяцігодкі прыцягне да сябе ўвагу ўсяго свету.

Парадуе аматараў і «каралева спорту». Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы традыцыйна прынясуць імгненныя секунды, высокія метры і гучныя рэкорды. Не застануцца ў цяні і беларускія спартсмены, якія з кожнай алімпіяды вяртаюцца з медалямі. Сёлета штурмаваць алімпійскія вышыні ў Токіа адправяцца 35 спартсменаў на чале з галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Юрыем Маісевічам. Хросны бацька беларускіх лёгкаатлетаў расказаў «Звяздзе», з якім настроем каманда накіроўваецца ў Токіа і да чаго трэба быць гатовымі і спартсменам, і аматарам.

— Юрый Вікенцевіч, праз пандэмію, перанос, цяжкае становішча ў свеце Алімпійскія гульні ў Токіа будуць асаблівымі і ўвага да іх будзе большая, чым раней. На вашу думку, як гэта можа паўплываць на спартсменаў?

— На маю думку, на гэтых Гульнях будзе шмат выдатных вынікаў. Нават нягледзячы на тое, што адбыўся такі цыклічны збой. Сёлета спартсмены сур'ёзна рыхтаваліся, удасканалілі пэўныя моманты, у каго была такая патрэба. Асабліва гэта датычыцца маладых спартсменаў, якія летась не дараслі да канкурэнтаздольнага ўзросту. Цяпер у свеце вельмі шмат топавых спартсменаў маладзёжнага ўзросту. За год спартсмены аправіліся ад стрэсу, выкліканага ковідам. І маё прадчуванне, што ў асобных відах на алімпіядзе будуць вельмі гучныя вынікі. Атлеты зараджаныя, яны засумавалі па сур'ёзных стартах. Апошні вялікі старт у нас быў у 2019 годзе — чэмпіянат свету ў Досе, потым быў зімовы чэмпіянат Еўропы, але там не ўсе вядучыя спартсмены выступалі.

— За гэты перыяд на нешматлікіх спаборніцтвах былі спартсмены, якія ўразілі вас сваімі вынікамі?

— Не буду далёка хадзіць і пачну з нашых. Максім Недасекаў на зімовай Еўропе скокнуў 2,37 — гэта выдатны вынік. На Кубку Еўропы па кіданнях у Харватыі польская спартсменка кінула кап'ё больш чым на 70 метраў, а нямецкі спартсмен — на 90. Наша Таня Халадовіч кідае кап'ё недзе ў раёне 67 метраў, і яна ўваходзіць у сусветны топ. Некалі кідалі коп'і, якія пераляталі стадыёны. Быў такі немец Уве Хон, які кідаў кап'ё больш чым на 100 метраў. І тады ў снарада ссунулі цэнтр цяжаруі, каб кап'ё ўтыкалася ў зямлю. З сённяшнімі вынікамі хутка прыйдзецца прыдумваць нешта новае. На нядаўнім этапе Брыльянтавай лігі ў бегу на 400 метрах з бар'ерамі быў паказаны вынік 53 секунды, а сусветны рэкорд — 52,14. Аб чым гэта сведчыць? Што ўсё развіваецца і з кожным днём вынікі становяцца вышэйшымі. На Алімпійскіх гульнях мы будзем змагацца ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. І для таго каб заваяваць медаль, прыйдзецца скокнуць вышэй за галаву.

— У канцы чэрвеня прайшоў чэмпіянат Беларусі. Ці задаволены вы яго вынікамі, ці ўсё задуманае ўдалося выканаць?

— Сапраўды, чэмпіянат краіны быў вянцом падрыхтоўкі нашых атлетаў. Я задаволены, што быў шэраг выдатных вынікаў, а асабліва, што нашы спартсмены заваявалі ліцэнзіі ў Токіа. Вельмі рады за Марыю Жодзік, якая дома выканала алімпійскі нарматыў у скачках у вышыню. Два гады назад мы перадалі яе трэнеру, які працуе з Карынай Дзямідзік. І адразу змяніўся ход работы, і, што вельмі важна, з'явілася канкурэнцыя ў відзе. Адзін лідар — гэта вельмі добра, але адсутнасць канкурэнцыі расслабляе спартсмена, ён бачыць сваю незаменнасць. У мужчынскіх скачках у вышыню мяне парадаваў Максім Недасекаў. Ён узяў 2.29, спрабаваў 2.35. Дзмітрый Набокаў вярнуўся пасля дыскваліфікацыі і адразу паказаў 2.26. Павел Селівёрстаў залячыў траўму. Другая маладосць прыйшла да Андрэя Чурылы, у гэтым сезоне паказаў лепшы асабісты вынік — 2.31. З'явілася канкурэнцыя ў спрынце на 400 метраў. Увогуле, многія нашы атлеты дадалі ў выніках. На камандным чэмпіянаце Еўропы ў няпоўным саставе каманда выканала задачу і выйшла ў суперлігу. І гэта значны паказчык.

— Каму з атлетаў не ўдалося выканаць алімпійскі нарматыў ці адабрацца на Гульні па рэйтынгу?

— На жаль, такія спартсмены ў нас ёсць. Максім Несцярэнка ў трайным скачку паказаў лепшы вынік 16.97, а алімпійскі нарматыў — 17.14. Ён нядаўна памяняў трэнера, але не хапіла часу. Уладзіслаў Булахаў выступае ў скачках у даўжыню, яго вынік 8.10, а нарматыў на Алімпіяду — 8.24. Няправільна спланавалі ход падрыхтоўкі і не атрымалася, алё ён яшчэ ў маладзёжным узросце і мае час усе выправіць. Ірына Васькоўская ў трайным скачку не дацягнула: узрост дае аб сабе знаць. Андрэй Чурыла мог бы адабрацца, але не хапіла часу. Некаторыя атлеты не паедуць па стане здароўя. Траўмы ў Настассі Івановай, Аліны Талай, Настассі Каламоец.

— Юрый Вікенцевіч, пасля чэмпіянату Беларусі вы казалі, што на Алімпійскіх гульнях разлічваеце на восем — дзесяць фіналаў. Чаму менавіта такая лічба?

— У лёгкай атлетыцы ёсць такое правіла: калі хочаш заваяваць медаль у пэўным відзе, трэба мець тры чалавекі на гэта здольных. Што такое Алімпійскія гульні? Гэта вельмі непрадказальная з'ява. Дасканала падрыхтаваны спартсмен можа перахвалявацца, паўплывае адсутнасць вопыту, элементарна ўмяшаецца надвор'е. У 2000 годзе ў фінале скачкоў у вышыню расіянін Сяргей Клюгін скокнуў 2.35, пасля пайшоў дождж, і астатнія вышэй скокнуць не маглі. У нас 34 атлеты ў камандзе, восем — дзесяць — амаль трэць. Таму лагічна, што трэцяя частка спартсменаў будзе змагацца за фінал. Алімпійскі фінал — гэта восем найлепшых краін сярод больш чым 200 удзельніц. Я не хачу прымяншаць заслугі іншых відаў спорту, усюды вялікія нагрузкі і вялікая канкурэнцыя. Але ў свеце 200 федэрацый лёгкай атлетыкі, 200 краін. І трэба ўлічваць, што мноства спецыялістаў за апошнія гады раз'ехалася па ўсім свеце. Зразумела, што распаўсюдзіліся тэхналогіі і канкурэнцыя значна вырасла. І добра, калі нашы восем — дзесяць спартсменаў выйдуць у фіналы. А што там у іх атрымаецца, паглядзім. Не хачу дражніць Фартуну.

— Значыць, імёны атлетаў, якія могуць выйсці ў фіналы і прэтэндаваць на медалі, вы не агучваеце?

— Назваць імя чалавека — значыць адразу ўскласці на яго адказнасць, а гэта ўжо ціск. Так было пры савецкай сістэме, калі другое і трэцяе месца лічылася пройгрышам. Такая ўстаноўка зусім не дадае ўпэўненасці. Спартсмен павінен быць гатовы тварыць. А калі ён заціснуты, свабоды творчасці няма. Мне падабаецца, як Эдуард Малафееў настройваў сваю каманду — ён казаў футбалістам: «Вы маеце права на памылку». Гэта заспакойвае спартсмена, ён разумее, што памыляцца не варта, нядобра, але не баіцца. Гэта вельмі тонкае псіхалагічнае пытанне.

— Івану Ціхану — 45 гадоў, і ён едзе на свае шостыя Алімпійскія гульні. Для ўсяго спорту гэта нонсэнс. А часта такое здараецца ў лёгкай атлетыцы?

— Наша алімпійская чэмпіёнка ў кіданні дыска Эліна Зверава заваявала «золата» ў 40 гадоў, калі ў яе мала хто верыў. Канешне, шостая алімпіяда — гэта своеасаблівы цуд. Чалавек выканаў нарматыў, адолеў усе траўмы. Ён шмат гадоў выконвае вялізную работу. Я не хачу напышнівых слоў, але ўпэўнены, што калі, Іван Ціхан выйдзе ў сектар, у многіх задрыжаць каленкі.

— Увогуле, наколькі наша каманда збалансаваная ў плане ўзросту?

— Наша алімпійская каманда — гэта добры сплаў маладосці, задору і вялікага вопыту. Сярэдні ўзрост каманды — 22—24 гады. У нас адбылася змена пакаленняў, дарослыя спартсмены сышлі, на змену ім прыйшла моладзь. Гэта нармальная з'ява. Але важна не згубіць паслядоўнасць, так, у нас ужо ёсць пераемнасць пакаленняў. Уявіце, як для каманды важна, калі разам з імі на Алімпійскіх гульнях будзе такая легенда, як Іван Ціхан, вопытны спартсмен, старшыня федэрацыі. Яго прысутнасць абавязкова дасць моладзі ўпэўненасці.

— Пачынаючы з Алімпійскіх гульняў 2000 года беларускія лёгкаатлеты заваёўвалі медалі пераважна ў кіданнях, штурханнях. Сёлета на Алімпіяду едуць паспяховыя скакуны і бегуны. Гэта таксама вынік змены пакаленняў?

— У кожнай краіны ёсць традыцыйныя для яе віды лёгкай атлетыкі. Нас некалі называлі «ядзернай дзяржавай», бо добра кідалі. На Алімпіядзе ў Пекіне ў нас было сем медалёў, шэсць з іх — у кіданнях. У асобных відах беларусы «непрыгожа» забіралі ўсе медалі. Калі Вадзіма Дзевятоўскага і Івана Ціхана засудзілі там, была пэўная палітыка. У мужчынскім кіданні молата тры медалі, два з іх у беларусаў. Але таксама не вельмі добра, калі прэваліруе адзін від. Я прыйшоў у нацыянальную каманду ў 2005 годзе ў якасці старшага трэнера па рэзерве, у нас на скачках было ўсяго два чалавекі. Калі кіраўніцтва, трэнеры займаюцца дысцыплінай, то і лідары з'яўляюцца, інтарэс расце. І вельмі правільна развіваць розныя дысцыпліны. Камандны чэмпіянат Еўропы — гэта больш чым 40 відаў, і трэба імкнуцца да таго, каб у кожным з іх мець канкурэнтаздольнага спартсмена. Раней бег цягнуў нас уніз, а цяпер атлеты падцягнуліся, расце моладзь. На Алімпійскіх гульнях у Токіа беларусы будуць выступаць у 22 відах з 47 дысцыплін лёгкай атлетыкі.

— Эстафета 4х400 — значны від спаборніцтваў. Наколькі важна, што беларусы будуць выступаць у эстафеце на Алімпійскіх гульнях?

— У 2019 годзе, перад Еўрапейскімі гульнямі, мы сутыкнуліся з праблемай — не было з каго сабраць эстафету. І гэту праблему трэба было вырашаць. Міністэрства спорту і турызму пайшло нам насустрач, мы ўвялі пасаду трэнера па эстафетах, нам далі стаўкі. Мала хто верыў, што нашы дзяўчаты змогуць адабрацца на Алімпіяду. За два гады прыйшлося выканаць вялізную працу. І самае цяжкае — запэўніць трэнераў, што гэта магчыма, першы год на нас вельмі скептычна глядзелі. Але выніку 3.28.14 на камандным чэмпіянаце Еўропы нам хапіла, каб стаць 13-мі ў агульным заліку. А на Алімпіяду едуць 16 найлепшых каманд. Пакуль у нас крыху прасядаюць мужчынскія вынікі ў эстафеце. У міксавай эстафеце мы аказаліся 21-я і не трапілі на Алімпіяду. Але сам факт, што на Гульнях будзе наша каманда ў эстафеце, ужо аб многім сведчыць.

— Пасля чэмпіянату Беларусі былі размовы аб тым, што на многія вынікі паўплывала спякота. Але ў Токіа таксама няпросты клімат і там таксама будзе горача.

— Што такое спорт? Гэта вайна, а на вайне тэмпературу не мераюць, надвор'е не выбіраюць. Усе спаборнічаюць у аднолькавых умовах. Зразумела, што заўсёды ёсць фактар, які збівае, мы ўсе жывём у яго ўмовах. Мы пішам індывідуальны план, а ў Бога на кожнага свой план. І часцей за ўсё яны не супадаюць. Многія прыкрываюцца спякотай, каб апраўдаць свае няўдачы. Гэта, канешне, уплывае, але калі спартсмен гатовы, яго нічога не спыніць.

— Юрый Вікенцевіч, з якім настроем на Алімпійскія гульні едзе галоўны трэнер зборнай?

— Калі я працаваў з Настассяй Мірончык-Івановай і мы былі на Алімпіядзе ў Лондане, па дарозе на стадыён я ёй сказаў: «Насця, у мяне такое адчуванне, што мы на чэмпіянаце краіны». Мы ўжо да гэтага прайшлі і чэмпіянаты Еўропы, свету, і там напружанне не меншае. Зразумела, што Алімпійскія гульні праходзяць раз на чатыры гады і гэта асаблівы старт. Але часам значнасць падзеі так узнімаюць, што яна перашкаджае ўзяць сваё, асабліва маладым спартсменам і трэнерам. Я разумею, што трэнеры хвалююцца, без гэтага нельга. Я ўжо навучыўся спакойна да ўсяго ставіцца. Я разумею, што ўсё магчымае ўжо зроблена і нічога не зменіш. Задача трэнера — давесці спартсменаў з асаблівым настроем, паказаць, што іх любяць, у іх вераць. Задача спартсмена — паказаць свой вынік. Пакажаце — добра, пакажаце максімум — здымаем шляпу. Трэнерам цяжэй ездзіць на Алімпійскія гульні, але ўсё прыходзіць з вопытам.

Валерыя Сцяцко, "Звязда"

Галерея изображений

Поделиться:

Интернет-ресурсы